Маштабныя катастрофы ў гісторыі чалавецтва асэнсоўваюцца наступнікамі на працягу многіх стагоддзяў. Даследчыкі паслядоўна высвятляюць, якім чынам магло здарыцца тое, што забрала мільёны чалавечых жыццяў? Але ні скурпулёзны аналіз шматлікіх дакументаў, ні падрабязная рэканструкцыя баявых дзеянняў не здольныя ўсеабдымна паказаць, як на вачах збянтэжанага чалавецтва руйнуецца звыклая рэальнасць, як жах паралізуе асобу і як канцэнтруюцца ўсе яе жыццёвыя сілы, каб змагацца з роспаччу і супрацьстаяць цемры.
Калі з цягам часу грозныя выбухі, дымавыя завесы і зруйнаваныя камяніцы візуальна ўзгадваюцца ўжо цьмяна, цяжар эмоцый і пачуццяў працягвае ціснуць і на удзельнікаў падзей, і на іх нашчадкаў, бо вайна, якая становіцца часткай гісторыі краін, пераплятаецца з кожнай сямейнай гісторыяй, дзе страты падлічваюцца не баявымі адзінкамі, а непапраўнымі трагедыямі.
На выставе “Поўная карціна” прадстаўлены вынік працы падчас ажыццяўлення праекта “Хачу атрымаць поўную карціну…”. Ініцыявала праект і здолела прыцягнуць да супрацы незвычайны склад удзельнікаў Грамадскае аб’яднанне “Дакументацыйны цэнтр парахавой фабрыкі ў Лібенаў” (ФРГ). Разам з ахвярамі нацыянал-сацыялізму ўражваючыя, часам шакіруючыя вобразы-адлюстраванні жахлівых успамінаў увасаблялі прадстаўнікі моладзі з трох краін – Германіі, Украіны і Беларусі. Партнёрамі Дакументацыйнага цэнтра парахавой фабрыкі ў Лібенаў сталі Мастацкая школа ў Штольцэнаў (Германія), Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне” (Беларусь), Дзіцячая мастацкая школа г. Шостка (Україна).
Праект доўжыўся з красавіка 2019 да чэрвеня 2021 года. Два гады інтэнсіўнай працы ў сітуацыі абмежаванняў, звязаных з пандэміяй, якая дадала эмацыйнага напружання, унесла нестабільнасць. Такая атмасфера ўзмацняла адчуванне неабходнасці пераасэнсавання страшнага вопыту ХХ стагоддзя.
Пачатак задуманаму паклалі ўдзельнікі творчай майстэрні “Скажам адзіноце – НЕ”, былыя вязні нацыянал-сацыялізму з Мінска. Іх справу падхапілі маладыя людзі з Беларусі, Германіі і Украіны.
Нягледзячы на пэўныя перашкоды, удзельнікі праекта здолелі правесці вялікую трохбаковую сустрэчу ў Мінску, падчас якой юныя мастакі пачулі сведчанні пра велізарны гуманітарны калапс непасрэдна ад ахвяр, якія перажылі жахі нацыянал-сацыялізму. Яны наведвалі мемарыялы і, канешне, шмат малявалі, занатоўвалі ў візуальнай форме пачутае і адчутае. Частка работ стваралася сумесна са старэйшымі ўдзельнікамі праекта, іншыя – у ходзе агульнай працы германа-беларуска-украінскіх груп моладзі, якія вывучалі наступствы трагічных гістарычных падзей, звязаных з генацыдам мірнага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны. Гэтыя два гады найкаштоўных зносін сталі для ўдзельнікаў праекта своеасаблівым мастом, перакінутым у прасторы і часе.
Арыгіналы работ застануцца ў экспазіцыі мемарыяла фабрыкі Лібенаў як зафіксаванае ў мастацкай форме сведчанне эмоцый жывых сведкаў падзей. А рэпрадукцыі склалі выставу “Поўная карціна”, якая, экспануючыся ў грамадскіх прасторах, нясе вельмі важны пасыл сучаснаму гледачу.
Вобразы, што паўсталі ў работах, адлюстроўваюць увесь спектр адчуванняў і самыя розныя ўзроўні ўспрымання: ад інстынктыўнай боязі “ашчэранага сабакі” да ўсведамлення касмічнага ходу быцця. Рэшткі ўспамінаў пераплятаюцца з выразнымі метафарамі, якія маюць глыбокае сэнсавае напаўненне. Вельмі розная пластычная мова аўтараў то стварае ілюзію дакументальнай фіксацыі, то набывае плакатнае, пафаснае гучанне. Але амаль ва ўсіх работах ёсць многа адсылак да цялеснага, бо гэтая пачуццёвасць дапамагае адлюстраваць душэўныя незагойныя раны.
Менавіта ў мастацкім пераасэнсаванні катастрофы зліваюцца ў адзіны хор шматлікія галасы тых, хто перажыў трагедыю і тых, чыё сэрца балюча адгукаецца на аповед пра страшныя падзеі, на людскія пакуты. Красамоўная выяўленчая форма, фіксуючы эмоцыі сведкаў жудаснага тэрору, дазваляе скласці «поўную карціну», якая ўражвае трагізмам, выразнасцю і шчырасцю.